ПАДВО́ЙНЫ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ СЛОЙ,

сукупнасць эл. зарадаў процілеглых знакаў, размешчаных уздоўж мяжы падзелу фаз. Утвараецца электронамі, іонамі, а таксама арыентаванымі палярнымі малекуламі, якія маюць уласны дыпольны момант. Абумоўлівае электракінетычныя з’явы.

Будова П.э.с. істотная для эл.-хім. рэакцый, для электролізу і інш. Напр., у хім. крыніцах току (гл. Гальванічны элемент) пры апусканні металу ў электраліт метал «аддае» дадатныя іоны, а сам набывае адмоўны зарад. Дадатныя іоны электраліту прыцягваюцца паверхняй металу і ўздоўж паверхні дакранання фаз утвараецца П.э с. Эл. поле, якое ўзнікла паміж зараджанымі слаямі, перашкаджае далейшаму растварэнню металу і пры пэўным значэнні спыняе яго.

Утварэнне падвойнага электрычнага слоя пры апусканні металу ў электраліт.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)